ГРО́ДЗЕНСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́,
Каложская царква, помнік мураванай стараж.-рус. архітэктуры, адзін з помнікаў Гродзенскай школы дойлідства. Пабудаваны ў 2-й пал. 12 ст. ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэр. б. Каложскага пасада. Часткова разбурана ў 1853 у выніку апоўзня, паўд. апсіда абвалілася ў 1889. Праведзены работы па кансервацыі (1910 і 1935) і кансервацыйна-рамонтныя (1970, 1985—87). Захаваліся паўн. і частка зах. Сцяны, 3 апсіды і 2 зах. круглыя (дыяметр каля 1,2 м) падкупальныя слупы.
Цагляны 6-слуповы 3-апсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шыр. 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй ч. сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных работ 1985—86 знойдзены фрагменты фрэсак на ўнутр. сцяне і шматлікія графіці на сценах. У 1894 В.В.Гразновым выяўлены ў муроўцы будынка галаснікі, знакі на цэгле, ім выказана думка, што царква мела фрэскавую размалёўку. Падлога храма першапачаткова была выкладзена з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у 18 ст. — з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі 12 ст. захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храма складзены з валуноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15—18 ст. Царкву даследавалі: у 19 ст. В.В.Гразноў, у пач. 20 ст. П.П.Пакрышкін, у 1935 Ю.Ядкоўскі, у 1946 І.І.Хозераў, у 1982, 1983—84 А.А.Трусаў, П.А.Рапапорт.
Літ.:
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Беларуси. XI—XVII вв. Мн., 1988.
А.А.Трусаў.
т. 5, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)